Маршруты выхаднога дня

Маршрут "Наша возера"

10.07.2020
На тэрыторыі Дзераўной прыцягвае сваёй прыгажосцю штучнае возера, якое размясцілася пасярэдзіне аграгарадка.
развернуть

Рэкамендаваны ўзрост дзіцяці: 4-6 гадоў

Від маршрута: пешы

Працягласць маршрута: 1 км

Змест маршрута:  Па добраўпарадкаваных дарожках ідзём ўздоўж вадаёма, адпачываем на лавачках, любуемся на вадапад, наведваем востраў.

Вазьміце з сабой добры настрой, галаўныя ўборы, прылады для малявання.

Не пакідайце дзяцей адных, паколькі востраў з усіх бакоў акружаны вадой! Помніце пра правілы бяспекі!

Чым зацікавіць дзяцей: паназірайце за насельнікамі вадаёма, раслінамі; раскажыце пра баброў, сляды дзейнасці якіх можна заўважыць на сушы; загадайце загадкі, прачытайце вершы, зрабіце замалёўкі.

На востраве ёсць альтанка, дзе можна зручна размясціцца і карысна правесці час. 

ЗАГАДКІ

Без ног бяжыць. (Вада.)

 

Тры таварышы: адзін кажа — пабяжым, другі кажа — паляжым, трэці кажа — паківаемся. (Вада, камень, трава.)

 

Два браты глядзяць у ваду, а ніколі не сыходзяцца. (Берагі рэчкі.)

 

Рук многа, а нага адна. (Дрэва.)

 

Не рыба, а плывец, не конь, а ходзіць, не піла, а рэжа. (Бабёр.)

 

Адгадайце, хто такі

На нагах гусіных

Сярод быстрае ракі

Збудаваў плаціну. (Бабёр.)

 

Што бяжыць без повада? (Вада).

 

Ні рук, ні ног не мае, а яблыкі страсае. (Вецер.) 

 

Каляровае карамысла цераз рэчку павісла. (Вяселка).

 

Мяне ўсе просяць,

Мяне чакаюць,

А як толькі з’яўлюся,

Хавацца пачынаюць.  (Дождж)

 

Доўгі насок, тонкі галасок, хто яго заб'е, тоЙ сваю кроў пралье. (Камар.)

 

Што ляжыць, не павернецца. (Камень)

 

Не пытайся ў мамы - 

Сам гавары:

Хто бегае над намі

Нагамі дагары? (Муха)

 

Не сякера, а шуміць, не пілот, а ляціць, не змяя, а жаліць. (Пчала.) 

Маю рогі, маю ногі,

Я багаты і ўбогі - 

Ля мяне ўсе сядаюць,

Дык скажы, як называюць? (Стол)

 

Без страху, без гора, пралятае рэкі і мора. (Птушка.)

 

Крылле ёсць, ды не лятае, ног няма, а не дагоніш. (Рыба.)

 

Адкажы, у рыб якіх

Шмат манетак залатых? (Карп.)

 

Без станка, без рук, а кросны тчэ. (Павук.)

 

 Чоран, ды не воран, рагаты, ды не бык, шэсць ног без капыт, ляціць — вые, сядзе — зямлю рые. (Жук.)

 

Сем тысяч майстроў зрабілі хату без акон і без вуглоў. (Мурашкі, мурашнік.)

 

Еду, еду — ні дарогі, ні следу. (Лодка.)

 

Хто жыве ў траве

Хто жыве, хто жыве

У высокай траве?

Там і мошкі, і жучкі,

Матылькі і павучкі.

А хто скача, нібы коннік?

Рэкардсмен па скоках — конік.

Чый каптанік у гарошкі,

Ёсць і крылцы, ёсць і ножкі,

І прыгожая галоўка?

Гэта божая кароўка.

Лежабоку-слімака

Не адрозніш ад лістка.

Пчолка шэпча з канюшынай:

«Даць нектару мне павінна».

Непаседа страказа —

То наперад, то назад —

Кружыцца, як верталёт.

Не патрэбен ёй пілот.

Асцярожна: у траве

Вельмі шмат хто жыве.

                Н. Галіноўская

 

 Няхай сонца не заходзіць

Кажуць, што ў сонейка,

І ў цяплынь, і ў холад.

Шмат праменняў тоненькіх —

Нітачак шаўковых.

Я схаплю прамень за хвосцік,

Прывяжу за колік.

Няхай сонца не заходзіць

Аніколі!

                    І. Муравейка

 

Махаон

Вельмі дзіўны матылёк!

Заўважаецца здалёк.

І які прыгожы ён!

А завецца – махаон.

Крылы доўгія яго

Ўзорам вызначаюцца.

У падлесках між лугоў

Летам сустракаецца.

О, які цудоўны госць!

Дзеці, паглядзіце.

І ніколі прыгажосць

Толькі не губіце.

Майскія жукі

Што за дзіўны чутны гук

Ля бяроз і клёнаў?

Гэта ўецца майскі жук

Між зялёных кронаў.

Над бярозай маладой

За малым пагоркам

Іх лятае цэлы рой

Майскім надвячоркам.

Шумна, радасна звіняць

Гудам несціханым,

А ўначы палягуць спаць

На лісці духмяным.

свернуть

Маршрут "Спартыўны комплекс “Меліяратар”

09.07.2020
Усе дзеці любяць рухацца, бегаць навыперадкі, скакаць, катацца на веласіпедзе. Такія гульні ўніверсальныя, яны падыходзяць для рознай колькасці ўдзельнікаў, іх можна выкарыстоўваць як на прыродзе ў кампаніі дзяцей сваіх сяброў, так і ў спецыялізаваным месцы, напрыклад, на стадыёне “Меліяратар”, які знаходзіцца на ўскрайку Дзераўной.
развернуть

Такая актыўнасць дапамагае дзецям атрымаць неабходную фізічную нагрузку, а таксама навучыцца актыўна і на роўных мець зносіны з іншымі дзецьмі, павялічыць навык хуткай рэакцыі і многае іншае. Для рухомых летніх гульняў не спатрэбіцца сур'ёзны спартыўны інвентар, дастаткова скакалкі або невялікага мяча. А вельмі часта патрэбныя проста жаданне выдатна правесці час і імкненне парухацца!

Фізкультурна-аздараўленчы комплекс “Меліяратар” уключае ў сябе стадыён з футбольным полем, бегавымі дарожкамі з гумавым пакрыццём, дзве валейбольныя пляцоўкі, гімнастычны гарадок і трыбуны на 500 месц. Для заняткаў гульнявымі відамі спорту маецца спартыўная зала з трэнажорнымі пакоямі і разнастайнымі падсобнымі памяшканнямі. Спартыўны комплекс – цэнтр спартыўна-масавай работы для жыхароў Дзераўной. Кожны, хто прыходзіць на стадыён, знойдзе цікавы занятак. Традыцыйна тут праводзяцца дзіцячыя спартыўныя спаборніцтвы, раённыя турніры,  спартакіяды для работнікаў АПК. Напрыклад, памяці легендарнага камандзіра-земляка Аркадзя Мікалаевіча Панамарова, які камандаваў партызанскай брыгадай “Спартак”, а ў мірны час працаваў дырэктарам Дзераўнянскай сярэдняй школы, прысвячаецца традыцыйны раённы турнір валейбалістаў напярэдадні Вялікай перамогі.

На стадыёне можна не толькі актыўна адпачыць, але і паназіраць за насельнікамі вадаёмаў, размешчаных на тэрыторыі.

На бегавых дарожках разам з дзецьмі вы можаце паспаборнічаць, хто хутчэй дабяжыць да арыенціра; пагуляць у бадмінтон, або проста вызначыць, хто далей зможа пранесці валан на ракетцы. Наогул, гульні могуць быць самыя розныя. Усё залежыць ад таго, наколькі вы зацікаўленыя весела правесці час…

Шмат цікавых прапаноў можна знайсці тут:

https://kukuriku.ru/dosug-i-razvlecheniya/na-ulice/ulichnie-igry/#6

свернуть

Маршрут "Гісторыка-культурныя славутасці аграгарадка Дзераўная"

08.07.2020
Падчас экскурсіі адбываецца знаёмства са знакавымі месцамі для жыхароў і гасцей вёскі. У маршрут уваходзяць: касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, плошча Рынкавая, могілкі, школа, развілка на ўездзе са Стоўбцаў, помнік “Воінам і партызанам”, зона адпачынку ААТ “Дзераўное”.
развернуть

Рэкамендаваны ўзрост дзіцяці: 4-6 гадоў

Від маршрута: пешы

Працягласць маршрута: 2,5 км

Рэкамендацыі:

- захоўвайце правілы дарожнага руху

- апранайце дзяцей адпаведна з умовамі надвор’я

- захоўвайце піццявы рэжым на прагулцы

Першы прыпынак

Касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі – помнік архітэктуры канца ХVІ стагоддзя. Размешчаны ў цэнтры аграгарадка Дзераўная Стаўбцоўскага раёна Мінскай вобласці. Стаіць на ўзвышэнні, таму добра праглядваецца з боку возера. Ініцыятарам будаўніцтва касцёла быў Мікалай Радзівіл.

Пашырана паданне, што князь паехаў на паляванне. У лесе заблудзіўся. Шукаў выйсця, але яго агарнула ноч. Князь, ратуючыся ад дзікіх жывёл, узабраўся на высокі дуб. На наступны дзень яго знайшла світа. Князь вярнуўся дамоў. У знак свайго шчаслівага выратавання ён загадаў на гэтым месцы, дзе рос дуб, пабудаваць касцёл. У хуткім часе вакол касцёла пачалі сяліцца людзі.

Прыпынак “Плошча рынкавая”

Такую назву гэтае месца атрымала невыпадкова: калісьці тут жылі яўрэі і вялі свой гандаль. Зараз гэта месца адпачынку для жыхароў і гасцей,  для пакупак прадуктовых і прамысловых тавараў.

Прыпынак “Могілкі”

Ад Рынкавай плошчы па вуліцы Пясочнай можна накіравацца да мясцовых могілак, на тэрыторыі якіх знаходзіцца драўляная капліца, узведзеная ў 19 ст. Каплiца з’яўляецца помнікам народнага дойлiдства з утрыраванымi формамi архiтэктуры класiцызму.

 

На могілках пахаваны кіраўнік партызанскай брыгады “Спартак” А.М.Панамароў, родныя Ф.Э.Дзяржынскага - бацька, сястра, брат, жыхары дзераўнянскага краю  і іншых навакольных вёсак.

Наступны прыпынак – Школа

Дзераўнянская школа мае багатую гісторыю свайго існавання, шмат вядомых выпускнікоў, творчы педагагічны калектыў. На тэрыторыі школы размешчана Алея памяці былых настаўнікаў і дэндрапарк.

Наступны прыпынак – Развілка на ўездзе са Стоўбцаў

Гэты прыпынак размяшчаецца на пачатку вуліц Стаўбцоўскай  і Цэнтральнай аг.Дзераўная. З’явіўся зусім нядаўна, але прымеркаваны да знакавай падзеі: у ваколіцах адзначаліся раённыя “Дажынкі-2019”, а сама вёска на той момант мела 490 гадоў існавання.  Усіх падарожных сутракае выява Хрыста на крыжы, а памятная кампазіцыя нагадвае, што Дзераўная бярэ свой пачатак з 1529 года. У вёсцы жывуць прадстаўнікі каталіцкай і праваслаўнай канфесій, якія разам клапоцяцца пра сваю маленькую радзіму, шануюць мінулае,  ствараюць сучаснае і мараць пра будучае. 

Па вуліцы Цэнтральнай накіроўваемся да наступнага прыпынка: помнік “Воінам і партызанам”.

 

Помнiк загінуўшым землякам быў адкрыты ў 1966 годзе.

У 1973 годзе пры актыўнай дапамозе ўдзельніка Вялiкай Айчыннай вайны, старшынi мясцовага калгаса “Чырвоная зорка” Фёдара Iванавiча Чэрнiкава быў узведзены абелiск, які iснуе i цяпер. На iм - прозвiшчы мясцовых жыхароў, якія загiнулi, абараняючы Айчыну.

8 мая 2005 года ва ўрачыстай абстаноўцы побач з абелiскам была адкрыта мемарыяльная плiта з iмёнамi жыхароў Дзераўной i навакольных вёсак, якія былі ўдзельнiкамi Вялiкай Айчыннай вайны, выжылі падчас баёў, але не дажылі да 60-годдзя Перамогi. Уклад у гэту справу ўнеслі мясцовыя гаспадаркі, сельскi Савет, школа.

У 2019 годзе мемарыяльная дошка была абноўлена. На ёй з’явiлiся iмены тых удзельнiкаў Вялiкай Айчыннай вайны, якія памерлi ў мiрны час.

Аддаўшы даніну памяці ў мінуце маўчання можна накіравацца да зоны адпачынку ААТ “Дзераўное”, якая размешчана побач. Тут можна пазнаёміцца з гісторыяй развіцця калгаса “Чырвоная зорка”, сучаснымі працаўнікамі, тэхнікай і агрэгатамі, якія прадстаўлены на фотавыставе.

 

свернуть

Першы прыпынак - Помнік архітэктуры канца ХVІ стагоддзя

04.06.2020
Самае гістарычнае і цікавае месца ў аграгарадку Дзераўная - гэта Касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі. Вось такую назву мае гэта святыня. Не кожны ведае яе мінулае, а гісторыя касцёла цікавая і загадкавая. Мы пачнём наша падарожжа менавіта з гэтага месца.
развернуть

Касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі

      Касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі – помнік архітэктуры канца ХVІ стагоддзя. Размешчаны ў цэнтры аграгарадка Дзераўная Стаўбцоўскага раёна Мінскай вобласці. Стаіць на ўзвышэнні, таму добра праглядваецца з боку возера. Ініцыятарам будаўніцтва касцёла быў Мікалай Радзівіл.

       Пашырана паданне, што князь паехаў на паляванне. У лесе заблудзіўся. Шукаў выйсця, але яго агарнула ноч. Князь, ратуючыся ад дзікіх жывёл, узабраўся на высокі дуб. На наступны дзень яго знайшла світа. Князь вярнуўся дамоў. У знак свайго шчаслівага выратавання ён загадаў на гэтым месцы, дзе рос дуб, пабудаваць касцёл. У хуткім часе вакол касцёла пачалі сяліцца людзі.

З гісторыі касцёла

    Гісторыя касцёла загадкавая. Да апошняга часу ў навуковай літаратуры часта сцвярджалася, што будаваўся ён як кальвінскі збор. Звестка, відаць, пайшла з вядомага выдання “Геаграфічны слоўнік зямель польскіх і іншых краёў славянскіх”, у якім сказана, што збор пабудаваны ў Дзераўной навагрудскім ваяводам Мікалаем Радзівілам у 1590 годзе. Аднак ў інвентары касцёла 1716 года прыводзіцца копія фундушавага дакумента, складзенага ў Нясвіжы 10 лістпада 1590 года і ўнесенага ў гродскія кнігі Мінскага ваяводства (1598 г.). У ім напісана, што 28 студзеня 1590 года, сабраўшыся на пахаванні ў Дзераўной Эўфіміі Вярбіцкай, жонкі валынскага ваяводы князя Андрэя Вішнявецкага, зяці нябожчыцы Мікалай Крыштоф Радзівіл, Мікалай Сапега і Ежы Чартарыйскі з жонкамі, роднымі сёстрамі Гальшкай Эўфіміяй, Ганнай, Аляксандрай, а таксама яшчэ незамужняя яе дачка Зоф’я Вішнявецкая абмеркавалі волю маці, якая заснавала касцёл (ці выказала такі намер), надаючы яму сёлы Дзеравенскія Саковічы і Алісевічы з 40 валокамі зямлі. Радзівіл (Сіротка) з жонкай гатовы былі пацвердзіць гэтае наданне плябану ксяндзу Ежы Рацыбораўскаму, але астатнія спадкаемцы запратэставалі, сцвярджаючы, што іх маці толькі “дажывотне дзяржала” Дзераўну. Гэта значыць, што не мела права распараджацца пасля смерці. Таму Радзівілы паабяцалі паставіць касцёл і дадалі на ўтрыманне плябана на чвэрць года 6 коп грошаў, 5 бочак жыта, 3 бочкі соладу, бочку ячменных круп, бочку грачаных, бочку пшаніцы, паўбочкі солі, таску масла, паўкапы сыроў, дзве полці саланіны, а таксама віно і воск. “Згодна волі і ўпадабання сваёго даём на той касцёл Дзеравенскі там жа ў Дзераўной пляц здаўна Царкоўны, на якім казнадзей зборавы Міністр мешкал, з агародамі, з валокамі двума грунту ворнага з падданымі на тых валоках да таго пляцу Царкоўнага, альбо казнадзейскага, належачымі так тэж з будаваннем, якое на пляцу ёсць”. Фундатары ставяць умову, каб ксёндз трымаў вікарыя для выканання спеваў у касцёле і навучання дзяцей. З гэтага тэксту вынікае, што здаўна ў Дзераўной быў царкоўны пляц, на ім пазней жыў кальвінскі міністр, а ў 1598 годзе пляц з будынкамі Радзівілы аддалі ксяндзу, але касцёла яшчэ няма. Застаецца загадкай, у якім жа храме адбылося пахаванне Вярбіцкай. Адносна часу збудавання касцёла пакуль не знойдзена дакладных звестак, толькі інвентар 1665 года паведамляе,  што “фундатарка плябаніі Дзеравенскай Эўфімія Вішнявецкая Радзівілава, ваяводзіна валынская… касцёл Дабравешчання змураваў сваім коштам ксёндз Войцех Сялява, канонік віленскі, плябан Дзеравенскі”. Разам з тым, сярод храмаў, пабудаваных Мікалаем Крыштофам Радзівілам па плане архітэктара Бернардоні, генеалагічная гісторыя Радзівілаў згадвае і касцёл у Дзераўной. Інвентар канца ХVІІІ стагоддзя пацвярджае, што касцёл фундаваны М.К. Радзівілам з жонкай Эўфіміяй (з Вішнявецкіх) 16 лютага 1598 года, а плябанія – у 1595 годзе. Аднак калі звестка пра Войцеха Сяляву сапраўдная, то час пабудовы прыйдзецца аднесці да 1630-х гадоў, што не супярэчыць і архітэктурнаму стылю.

У інвентары 1716 года касцёл апісваецца як “склепісты (г.зн. са скляпеннямі), стары і ападлы, без даху”, у старых сталярскіх алтарах абразы згнілі (цікава, што ў галоўным алтары знаходзіўся абраз Маці Божай Жыровіцкай “простай работы”, што ўскосна сведчыць пра сувязь з уніяцкай царквою), хор зруйнаваны, пазітыў (маленькі арган) сапсаваны, сцены дзвюх сакрысцій заваліліся, плябанія паўразбурана, таму касцельнае серабро захоўвалася ў панскім двары. У 1722 годзе касцёл ужо адрэстаўраваны: нанова атынкаваны, накрыты гонтамі, пасярэдзіне пастаўлены каменны крыж, з аднаго боку вокны былі ў алавяных рамках (відавочна, больш ранніх), з другога –  у драўляных, сакрысціі атынкаваны і вымашчаны цэглай, у адной выкладзена скляпенне. У галоўным алтары “старасвецкай работы”, часткова пазалочаным, змяшчаўся абраз “Дабравешчанне”, у бакавых – зноў-такі “Дабравешчанне” і “Укрыжаванне”. Пры касцёле мелася школка і шпіталь. Існаваў драўляны касцёлак у Гуменаўшчыне на Мірскім гасцінцы. Каля 1740 года быў зроблены новы галоўны алтар, разны, паліхромны, двух’ярусны, з абразамі “Дабравешчанне” і “Нараджэнне Хрыста”, на каменнай падставе, і падобны бакавы з абразамі “Укрыжаванне” і “Маці Божая з дзіцем”.

    Парафія ахоплівала мястэчка Дзераўная, вёскі Заброддзе і Брухачы, засценкі Беламошша, Гуменаўшчына, Харытонаў двор, Ругаец, Старына, увесь Супаросна, Дзяражня, засценкі Болічы, Агароднікі Дзеравенскія, увесь Ніўна, Зарэчча, Боркі, Хатава, Слабада Ціханова. Але парафія была яўна нешматлікая. Плябан служыў таксама ў Красным Сяле і Груздаве. Касцёлу належаў фальварак Ругаец (4 двары) і 4 двары ў Гуменаўшчыне. У мястэчку існавала яўрэйская школа з дазволу біскупа Бжастоўскага.

      Да 1778 года вуглы эскарпаў асыпаліся амаль да зямлі, падлога знішчылася, алтары састарэлі і забрудзіліся, пазітыў стаяў без труб, не было ні арганіста, ні школы. У канцы 1780-х гадоў зроблены новы дах, падвышана і накрыта бляхай вежа, касцёл атынкаваны знадворку. Але ўжо праз 8 гадоў тынкоўка пачала адпадаць, на скляпенні ўтварыліся трэшчыны па прычыне таго, што калісьці касцёл многа год прастаяў без даху, патрабавалі рамонту эскарпы. У левым бакавым алтары з’явіўся абраз “Маці Божая Шкаплерная”. Была дамова з мастаком Эстка і дадзены задатак 400 рублёў на новыя абразы, але яны згарэлі пры пажары Нясвіжа. Візітатар адзначаў “годзкую” структуру касцёла, але гладкае (негатычнае) скляпенне. Школа існавала, але без вучняў, некалькі хлопцаў бралі ўрокі ў арганіста. Пахаванне спраўлялася бясплатна, “бо зямля не каштуе, а святла (г.зн. свечак) ніхто не патрабуе”.

       Касцёл у Дзераўной – помнік архітэктуры рэспубліканскага значэння. Гэта зальны храм з паніжанай пяціграннай апсідай, абапал якой прыбудаваны 2 вузкія падоўжаныя сакрысціі. Сцены складзены з цэглы, якая мае канаўкі на адной з шырокіх плоскасцей (“пальчатка”), і ўмацаваны рэгулярнымі радамі высокіх, да самага карніза эскарпаў. Дах двухсхільны, з франтонамі. На фасадзе – трох’ярусная масіўная вежа, 2 ніжнія ярусы,  квадратныя ў плане, верхні – васьмярык – накрыты стромым шатром, плоскасці граней расчлянёны плоскімі нішамі. Неф перакрыты прыгожым цыліндрычным скляпеннем на падпружных арках, з глыбокімі распалубкамі над аконнымі праёмамі, бабінец і сакрысціі з крыжовымі скляпеннямі. Храм ярка асветлены, зала і прэсбітэрый злучаны шырокім арачным праёмам. У ім спалучаны некаторыя элементы готыкі з рэнесансавай рацыянальнасцю і строгасцю сілуэта. У інтэр’еры можна адзначыць арган фірмы Ф. Вайзэнборн (пачатак ХХ стагоддзя, драўляныя скульптуры  “Укрыжаванне” і “Невядомы святы”, абразы “Апостал Пётр” і “Тайная вячэра”, разьбяны галоўны алтар, бронзавыя жырандолі, абразы на метале “Дзева Марыя” і “Маці Божая Вастрабрамская”.

 

 

свернуть

Адно са старажытных на Стаўбцоўшчыне

08.06.2020
Калі ехаць па аўтамагістралі Стоўбцы – Івянец, за 30 кіламетраў ад горада Стоўбцы ў маляўнічым кутку Беларусі, перад Налібоцкай пушчай, знаходзіцца вёска Дзераўная. Многа цудоўных помнікаў архітэктуры стварыў беларускі народ. Цікавую гісторыю мае і сама вёска.
развернуть

Назва Дзераўная, напэўна, пайшла ад слова “дзёрн”або “дзірван”, што  тут, у пушчы, азначае “месца раскарчоўкі лесу”. Магчыма, і ад “дрэва”, “дзерава”.

Дзераўная вядома з першай паловы ХV стагоддзя як маёнтак кашталяна віленскага Сямёна Гедыголдавіча. Доўгі час ім кіравала яго жонка Мілохна Кежгайлаўна. Пасля іх гаспадаром стаў Мікалай Кежгайла, які з дазволу вялікага князя літоўскага Жыгімонта І у маёнтку Дзераўная заснаваў мястэчка.

У канцы ХVI стагоддзя Дзераўная складалася з кірмашу і трох вуліц ( на Налібакі, да Турэцкага перавозу і да двара князя). Крыху пазней мястэчка і восем навакольных вёсак перайшлі ва ўласнасць ваяводы троцкага Мікалая Крыштофа Радзівіла (Сіроткі).

У ХІХ стагоддзі Дзераўная стала цэнтрам воласці Ашмянскага павета Віленскай губерні. У гэты час маёнткам валодалі Радзівілы, Абуховічы, Чапскія. У мястэчку было 34 двары, больш за 300 жыхароў, касцёл, капліца, дзве сінагогі, школа, прытулак для бедных, пяць крам.

У 1897 годзе ў Дзераўной было 125 двароў, дзе жыло 823 жыхары, значылася аптэка, гарбарня, карчма, адзінаццаць крам. У 60-х гадах было заснавана трохкласнае народнае вучылішча. У 1921 годзе пабудавана сямігадовая школа. У час Першай сусветнай вайны за мястэчкам, за ракой Шурай, праходзіла лінія фронту. З 1921 года Дзераўная ўваходзіла ў склад Польшчы. Да 1939 года вёска лічылася вялікім мястэчкам, у якім было 120 двароў ( 500 жыхароў).

Ёсць ў вёсцы Дзераўная і свая святыня -  гэта касцёл Звеставання Панны Марыі. У шматлікіх звестках пра гэты помнік мы знойдзем розныя вызначэнні яго канфесійнай прыналежнасці, розныя імёны фундатараў і даты будаўніцтва. Да сярэдзіны ХХ стагоддзя існавала меркаванне, што гэтая святыня першапачаткова была заснавана ў 1590 годзе Міколам Радзівілам як кальвінскі збор.

Касцёл уражвае спалучэннем элементаў готыкі з рэнесансавай рацыянальнасцю і строгасцю сілуэта.  На фасадзе – трох’ярусная масіўная вежа, два ніжнія ярусы – квадратныя, верхні- васьмярык, накрыты стромым шатром, плоскасці граней расчлянёны нішамі.   Храм ярка асветлены, зала і прэсбітэрый злучаны шырокім арачным праёмам.    Сёння касцёл Звеставання – помнік архітэктуры рэспубліканскага значэння.

Усе гэтыя звесткі з году ў год збіралі педагогі дзяржаўнай установы адукацыі “Дзераўнянскія яслі-сад”, бацькі. Аформлены альбом, які  называецца “Наша спадчына”. Сабраны цікавы матэрыял пра мінулае і сучаснае вескі. Сюды ўвайшлі:  Дом культуры, Дзераўнянскі маладзёжны цэнтр, ДУА “Дзераўнянская сярэдняя школа, Дзераўнянская школа мастацтваў, фізкультурна-аздараўленчы комплекс “Меліяратар”, участковая бальніца, аптэка, аддзяленне сувязі, помнік тым, хто аддаў жыццё за наш сённяшні дзень.

І шмат цікавага можна яшчэ расказаць пра вёску Дзераўная. Людзі жылі тут не адно стагоддзе. Кожнае пакаленне пакідала пасля сябе пэўны след. З’ўляліся новыя будынкі, адбываліся змены ў гаспадарцы, будаваліся новыя дарогі, збіраліся ўраджаі – адным словам, жыццё кіпела. Але існуе яшчэ той бясцэнны духоўны скарб, што нясе народ у сваім сэрцы, у сваёй душы, перадае з пакалення у пакаленне - гэта традыцыі і звычаі, легенды і паданні.

У кожнага чалавека свой лёс. Свой лёс і ў нашых выхаванцаў. Пройдзе час -  сённяшнія дашкольнікі, я упэўнена, будуць вызначаць заўтрашні дзень роднай вёскі. І нам, педагогам, неабходна выхаваць асобу, якая ўсёй душой будзе хвалявацца за будучыню сваёй малой радзімы.

 

Дзіўны край! Ён быццам для паэтаў,

Край для слаўных працаю людзей.

Ён вясковай шчырасцю сагрэты,

Мудрасцю й вытокамі надзей.

У наваколлі вёскі Дзераўная

Баравічныя мясціны  ў барах.

Бусел важна ў небе пралятае –

Гэты вольны, гэты дзіўны птах.

Тут вітаць гасцей заўсёды рады,

Па-сяброўску шчодра частаваць.

Тут умеюць выслухаць парады

І прыпеўкі весела спяваць

Яўген Карпуць

 

свернуть