Метадычная капілка
Фарміраванне звязнага маўлення дашкольнікаў
Кансультацыя "Праектная дзейнасць як форма экалагічнага выхавання"
Стагоддзямі чалавек быў спажыўцом па адносінах да прыроды: жыў і карыстаўся яе пладамі, не задумваючыся аб наступствах. Менавіта ў дашкольным узросце засваенне асноў экалагічных ведаў найбольш прадуктыўнае, паколькі дзіця ўспрымае прыроду вельмі эмацыйна, як нешта жывое. Уплыў прыроды на дзіця велізарны: яна сустракае дзіця мноствам гукаў і пахаў, таямніцамі і загадкамі, прымушае спыніцца, прыгледзецца, задумацца.
Адным з найбольш эфектыўных метадаў у рабоце з дзецьмі па экалогіі з'яўляецца метад праектаў. Праект дазваляе інтэграваць звесткі з розных галін ведаў для рашэння адной праблемы. Дадзены метад дае магчымасць развіваць індывідуальную і калектыўную дзейнасць дзяцей, пашыраць іх вопыт зносін, дае магчымасць педагогу ажыццяўляць асобасна-арыентаваны падыход да кожнага дзіцяці.
Спецыфіка метаду праектаў, асаблівая педагагічная значнасць метаду праектаў заключаецца ў наступным:
- ён адкрывае магчымасці фарміравання ўласнага жыццёвага вопыту дзіцяці па ўзаемадзеянні з навакольным светам;
- з'яўляецца метадам, які ідзе ад дзіцячых патрэбаў і інтарэсаў, узроставых і індывідуальных асаблівасцяў дзяцей;
- адзін з метадаў, які выводзіць педагагічны працэс са сцен дашкольнай установы ў навакольны свет, прыродную і сацыяльную сферу.
Віды праектаў:
- Даследча-пазнавальныя – сумеснае эксперыментаванне і наступнае афармленне вынікаў у выглядзе газет, рукапісных выданняў, дызайнерскіх збудаванняў.
- Гульнявыя – выкарыстанне элементаў творчых гульняў з уваходжаннем у вобраз персанажаў і рашэннем пастаўленых праблем.
- Інфармацыйна-практыка-арыентаваныя – збор інфармацыі і яе рэалізацыя (афармленне і дызайн групы, распрацоўка гульнявых модуляў, складанне планаў і схем, картатэк і г. д.)
- Творчыя – афармленне вынікаў дзейнасці ў выглядзе святаў, тэатралізаваных прадстаўленняў, прэзентацый прадуктаў сумеснай працы.
Па працягласці экалагічныя праекты падзяляюцца на:
* Кароткатэрміновыя – перыяд іх рэалізацыі можа доўжыцца ад трох дзён да тыдня.
* Сярэдняй працягласці – разлічаныя на тэрмін ад аднаго месяца да трох.
* Доўгатэрміновыя – па працягласці да года.
Больш працяглыя праекты для дашкольнікаў планаваць немэтазгодна. З выхаванцамі малодшых груп можна рэалізаваць толькі кароткатэрміновыя праекты, якія вырашаюць задачу, даступную для іх разумення. Але найбольш эфектыўна працуюць праектныя даследаванні, якія праводзяцца з выхаванцамі старэйшых груп.
Асноўныя патрабаванні да выкарыстання метаду праектаў:
- У аснове любога праекта ляжыць праблема, для вырашэння якой патрабуецца даследчы пошук.
- Праект – гэта сур'ёзная гульня, вынікі якой значныя для дзяцей і дарослых.
- Абавязковыя складнікі праекта – дзіцячая самастойнасць (пры падтрымцы педагога, сатворчасць дзяцей і дарослых, развіццё камунікатыўных здольнасцяў дзяцей, пазнавальных і творчых навыкаў, прымяненне атрыманых ведаў на практыцы.
У рабоце з дашкольнікамі вылучаюць 4 этапы работы па праекце:
- Падрыхтоўчы – выхавальнік фармуліруе праблему і мэту праекта, ставіць задачы, вызначаецца прадукт праекта. Уводзіць дзяцей у гульнявую ці сюжэтную сітуацыю.
- Практычны. На гэтым этапе педагог дапамагае дзецям граматна планаваць дзейнасць, па неабходнасці аказвае практычную дапамогу, а таксама накіроўвае і кантралюе ажыццяўленне праекта.
- Ацэначна-рэфлексіўны. У дзяцей адбываецца фарміраванне разнастайных ведаў, уменняў і навыкаў.
Педагог абагульняе вынікі працы, аналізуе дзейнасць, фармуліруе вывады.
- Прэзентацыйны – прэзентацыя дзецьмі прадуктаў праекта бацькам, прэзентацыя вопыту работы выхавальнікам.
У ходзе работы над праектам таксама важна памятаць аб правілах паспяховасці праектнай дзейнасці:
* у камандзе няма лідэраў;
* усе члены каманды роўныя;
* усе члены каманды павінны атрымліваць задавальненне ад зносін адзін з адным і ад таго, што яны разам выконваюць праектнае заданне;
* кожны павінен атрымліваць задавальненне ад пачуцця ўпэўненасці ў сабе;
* усе павінны праяўляць актыўнасць і ўносіць свой уклад у агульную справу;
* не павінна быць так званых “спячых партнёраў”;
* адказнасць за канчатковы вынік нясуць усе члены каманды, якія выконваюць праектнае заданне.
Якія экалагічныя праекты можна рэалізаваць у дзіцячым садзе?
Тэматыка праектаў разнастайная: ад вывучэння яркіх прадстаўнікоў флоры і фауны да самастойнага вырошчвання раслін і планамернага назірання за іх ростам. Аснова поспеху ажыццяўлення ўсіх праектаў – добрая падрыхтоўка педагогаў, узаемадзеянне ўсіх спецыялістаў.
ПАРАДЫ ВЫХАВАЛЬНІКУ ПА РАБОЦЕ НАД ПРАЕКТАМ
- Глыбока вывучыць тэматыку праекта.
- Пры складанні сумеснага плана работы з дзецьмі над праектам падтрымліваць дзіцячую ініцыятыву.
- Зацікавіць кожнае дзіця тэматыкай праекта, падтрымліваць іх дапытлівасць і ўстойлівую цікавасць да праблемы.
- Ствараць гульнявую матывацыю, абапіраючыся на інтарэсы дзяцей і іх эмацыянальны водгук.
- Уводзіць дзяцей у праблемную сітуацыю, даступную для іх разумення і з апорай на дзіцячы асабісты вопыт.
- Тактоўна разглядаць усе прапанаваныя дзецьмі варыянты рашэння праблемы: дзіця павінна мець права на памылку і не баяцца выказвацца.
- Выконваць прынцып паслядоўнасці і рэгулярнасці ў рабоце над праектам.
- Падчас работы над праектам ствараць атмасферу сатворчасці з дзіцем, выкарыстоўваючы індывідуальны падыход.
- Развіваць творчае ўяўленне і фантазію дзяцей.
- Творча падыходзіць да рэалізацыі праекта; арыентаваць дзяцей на выкарыстанне назапашаных назіранняў, ведаў, уражанняў.
- Далучаць бацькоў у сумесную працу над праектам, ствараючы радасную атмасферу сумеснай з дзіцем творчасці.
12. Заключны этап праекта патрэбна старанна рыхтаваць і праводзіць у выглядзе прэзентацыі, тэатралізаванага паказу і г. д.
Выкарыстаная літаратура:
Веракса Н. Е., Веракса А. Н. Проектная деятельность дошкольников. Пособие для педагогов дошкольных учреждений. М.: Мозаика-Синтез, 2014. 112 с.
Дадатак
Віды экалагічных праектаў:
Экалагічная акцыя
Акцыя – гэта сацыяльна значнае, комплекснае, падзейнае мерапрыемства, працяглае ў часе.
У ходзе акцый дашкольнікі атрымліваюць прыродазнаўчыя веды, фарміруюць навыкі экалагічнай культуры, актыўную жыццёвую пазіцыю. Акцыі служаць добрай экалагічнай прапагандай сярод бацькоўскай грамадскасці. Дзеці бачаць стаўленне бацькоў, арганізацыю мерапрыемства і самі ў ёй удзельнічаюць.
Акцыя праходзіць пад сваім дэвізам, мае наглядную агітацыю (лістоўкі, плакаты, памяткі). У змест акцый уваходзяць святы, забавы, віктарыны, выставы, конкурсы, прысвечаныя аб'ектам акцыі.
Мэта правядзення экалагічных акцый: фарміраванне экалагічнай культуры, свядомасці і светапогляду.
Задачы: фарміраваць пазнавальны інтарэс, камунікатыўныя здольнасці, гуманістычнае стаўленне, эстэтычную спагадлівасць, прывіццё працоўных навыкаў.
Алгарытм правядзення акцый:
* мэта (кожная акцыя мае сваю мэту);
* задачы (выконваюцца агульныя і канкрэтныя);
* аб'ект (на што накіравана – птушкі, дрэвы);
* удзельнікі (дзеці + бацькі, супрацоўнікі + дзеці + бацькі);
этапы:
- Падрыхтоўчы (распрацоўка плана па дасягненню мэты, збор інфармацыі, аб'ём і назапашванне матэрыялу, каштарыс выдаткаў);
- Арганізацыйна-практычны (г. зн. дзейнасны, выкананне плана дзейнасці);
- Аналітычны (падвядзенне вынікаў, рэфлексія. Можа праходзіць у форме ўзнагароджання, выраб фотаальбома, відэафільма, выраб кніжак-самаробак, правядзенне выстаў і г.д.).
Тэматыка экалагічных акцый можа быць разнастайнай: “Як клапаціцца аб пакаёвых раслінах?”, “Што трэба рабіць, каб не палохаць жывёл?”, “Пераўтвары смецце ў прыгажосць “, “Пакармі птушак зімой!”, “Беражыце ваду!”, “Упрыгожым Міншчыну кветкамі”.
Экалагічны марафон
Мэта: фарміраванне асноў экалагічнай культуры ўсіх удзельнікаў педагагічнага працэсу (дзяцей, бацькоў, педагогаў).
Задачы:
- Даследаванне магчымасці павышэння ўзроўню экалагічнай культуры педагогаў, бацькоў, дзяцей;
- Фарміраванне матывацыйнай гатоўнасці да апрабацыі новых формаў, відаў і зместу дзейнасці;
- Выкарыстанне дадатковых магчымасцяў інтэграцыі спецыялістаў, выхавальнікаў, дзяцей, бацькоў у рабоце па фарміраванні экалагічнай культуры;
- Дыягностыка ўзроўню ведаў, уменняў, адносін ўсіх суб'ектаў адукацыі;
- Забеспячэнне бесперапыннасці экалагічнай адукацыі ў сістэме дашкольная ўстанова-школа (пачатковае звяно).
Змест праекта аб'ядноўваецца трыма напрамкамі: біяэкалагічнай, сацыяльнай і прыкладной экалогіяй, што забяспечвае інтэлектуальнае, эмацыйнае і дзейснае развіццё дашкольнікаў.
Экалагічны марафон уключае ў сябе:
-Падарожжа па экалагічнаму музею
Мэта: пазнаёміць дзяцей з прыроднымі з'явамі, раслінамі і жывёламі, недаступнымі для назірання ў навакольным прыродным асяроддзі.
-Экалагічная сцежка
Мэта: сфарміраваць ўяўленні аб навакольных прыродных з'явах, экалагічнай абстаноўцы, рэльефе мясцовасці, наяўнасці жывёл і раслін.
-Экалагічны трэнінг
Мэта: сфарміраваць уменні экалагічна граматнай дзейнасці ў прыродзе, спрыяць развіццю матывацыі экалагічных паводзінаў.
Экалагічны трэнінг – форма ўзаемаадносін людзей і прыроды шляхам ролевай гульні і аналізу з пазіцыі экалагічных нормаў (“дапаможам рэчцы”, “абнаўляем лес, паляну”).
-Тэатр жывёл
Мэта: замацаваць веды асаблівасцяў паводзінаў жывёл, спрыяць развіццю творчага ўяўлення.
Тэатральныя пастаноўкі па народных казках і асобных сцэнарыях з удзелам разнастайных цацак і масак жывёл, пераўвасабленне, спрыяюць развіццю ўяўлення і лепшага ўспрымання свету жывёл.
- Экалагічныя дыспуты
Мэта: замацаваць правілы паводзін у прыродзе.
Сітуацыі для абмеркавання:
- Дзеці сарвалі вялікі букет кветак і падарылі выхавальнікам. Выхавальнікі зусім не ўзрадаваліся падарунку, а засмуціліся. Чаму?
- Дзеці прынеслі ў экалагічны цэнтр маленькага бездапаможнага матылька. Што ты скажаш ім?
- Па адной ягадцы збіраць у лесе доўга. Прасцей наламаць галінак з ягадамі. Ці можна так рабіць?
- Гадзіна экалагічнага чытання
Мэта: сфарміраваць у дзяцей цікавасць да кніг экалагічнага зместу, навучыць прымяняць атрыманыя веды ў розных відах дзіцячай дзейнасці.
Стварэнне “бібліятэкі экалагічных кніг”.
- Экалагічны буквар
Мэта: абудзіць цікавасць да слова, якое пазначае аб'екты жывой і нежывой прыроды.
Змест Буквара: загадкі, крыжаванкі, гульні са словамі, гукамі, лагічныя задачы.
- Выставы вырабаў з прыроднага матэрыялу.
Мэта: сфарміраваць навыкі даследчай дзейнасці, навучыць бачыць незвычайнае ў звыклым, эмацыйна рэагаваць на ўбачанае.
Экалагічная ініцыятыва – варыянт экалагічнага праекта, уключае ў сябе віды экалагічнай дзейнасці, ініцыіраванай самімі дзецьмі.
Мэта ініцыятывы – развіццё самастойнасці і свядомасці дзяцей у вырашэнні экалагічных праблем.
Задача педагога – стварыць сітуацыю, якая стымулюе дзяцей да актыўнай экалагічнай дзейнасці з дапамогай арганізацыі мэтавых прагулак.
Экалагічная пошта – форма арганізацыі розных відаў экалагічнай дзейнасці дзяцей, абумоўленая перапіскай з уяўным персанажам. Развіццё творчага патэнцыялу асобы адбываецца ў творчай дзейнасці, абавязковая ўмова якой – атрыманне дзіцем задавальнення ад гэтай дзейнасці ў ярка выяўленых станоўчых эмоцыях. Толькі пры захаванні гэтай умовы развіваецца творчы і пазнавальны патэнцыял дзіцяці. Магчымасці эмацыянальных перажыванняў мы дасягаем, ствараючы праблемныя гульнявыя сітуацыі ў экалагічнай праектнай дзейнасці. Педагог наўмысна стварае на праекце-занятку праблемную гульнявую сітуацыю. Менавіта гэтая наўмыснасць падахвочвае дзяцей да пошукавай, пазнавальнай актыўнасці. А ці ўзнікае праблемная сітуацыя, ці “прыняло” яе дзіця, можна меркаваць па іх эмоцыях.
Экалагічная экспедыцыя – завяршае вывучэнне буйной тэмы або раздзелу праграмы і замацоўвае атрыманыя веды практычным шляхам. Арганізацыя і правядзенне экспедыцыі ўключае тры этапы:
- Падрыхтоўчы. Складаецца праграма экспедыцыі, распрацоўваецца маршрут, размяркоўваюцца абавязкі паміж дзецьмі, бацькамі, выхавальнікам, ажыццяўляецца падбор абсталявання, здзяйсняюцца трэніровачныя выхады.
- Асноўны. Правядзенне экспедыцыі, выкананне запланаванай даследчай работы, збор матэрыялу, падцвярджэнне тэарэтычных ведаў практычнымі фактамі.
- Заключны. Апрацоўка атрыманых эксперыментальных дадзеных, класіфікацыя сабраных матэрыялаў, фармуліраванне вывадаў па выніках практычнай дзейнасці. Завяршаецца запаўненнем альбома-дзённіка экспедыцыі, падрыхтоўкай стэнда з малюнкамі, выстава сабраных матэрыялаў.
Немалое значэнне ў выхаванні дзяцей мае прыклад дарослых, бацькоў, выхавальнікаў. Часта, вырастаючы, дзеці паводзяць сябе і паступаюць таксама, як калісьці рабілі іх бацькі. Калі бацькі будуць займацца пытаннямі экалагічнага выхавання, то і ў дзяцей будзе выхоўвацца цікавасць, любоў да прыроды і беражлівыя адносіны да яе. Таму экалагічнае выхаванне дзяцей павінна праходзіць у цесным узаемадзеянні з сям'ёй дзіцяці.
Формы работы з бацькамі па экалагічнаму выхаванню:
- Анкетаванне, правядзенне апытанняў з мэтай выяўлення іх экалагічнай кампетэнтнасці.
- Гутаркі за круглым сталом, бацькоўскія сходы ў нетрадыцыйнай форме (дзелавыя гульні, бюро педагагічных паслуг, прамы тэлефон, кансультацыі і паведамленні экалагічнай накіраванасці для бацькоўскага кутка).
- Каляндар цікавых дат – сумесны вольны час, святы, КВЗ, віктарыны.
- Хатняе заданне – удзел у выставах, аглядах-конкурсах, педагагічныя шырмы, паштовая скрыня і г. д.
- Прыцягненне бацькоў да сумеснай з дзецьмі працоўнай дзейнасці на ўчастку і ў кутку прыроды.
- Выкарыстанне навукова-папулярнай метадычнай літаратуры па праблемах экалагічнага выхавання.
- Выпуск газет, фотагазет, экалагічных альбомаў, плакатаў, інфармацыйных папак.
Дзейнасць педагогаў па далучэнні сем'яў да экалагічнага выхавання дзяцей дасць магчымасць фарміраваць у дашкольнікаў адказнае стаўленне да навакольнага асяроддзя, дасягнуць больш высокага ўзроўню іх выхаванасці.