Наша гісторыя

Адно са старажытных на Стаўбцоўшчыне

Калі ехаць па аўтамагістралі Стоўбцы – Івянец, за 30 кіламетраў ад горада Стоўбцы ў маляўнічым кутку Беларусі, перад Налібоцкай пушчай, знаходзіцца вёска Дзераўная. Многа цудоўных помнікаў архітэктуры стварыў беларускі народ. Цікавую гісторыю мае і сама вёска.
развернуть

         Назва Дзераўная, напэўна, пайшла ад слова “дзёрн”або “дзірван”, што тут, у пушчы, азначае “месца раскарчоўкі лесу”. Магчыма, і ад “дрэва”, “дзерава”.
Дзераўная вядома з першай паловы ХV стагоддзя як маёнтак кашталяна віленскага Сямёна Гедыголдавіча. Доўгі час ім кіравала яго жонка Мілохна Кежгайлаўна. Пасля іх гаспадаром стаў Мікалай Кежгайла, які з дазволу вялікага князя літоўскага Жыгімонта І у маёнтку Дзераўная заснаваў мястэчка.
        У канцы ХVI стагоддзя Дзераўная складалася з кірмашу і трох вуліц ( на Налібакі, да Турэцкага перавозу і да двара князя). Крыху пазней мястэчка і восем навакольных вёсак перайшлі ва ўласнасць ваяводы троцкага Мікалая Крыштофа Радзівіла (Сіроткі).
         У ХІХ стагоддзі Дзераўная стала цэнтрам воласці Ашмянскага павета Віленскай губерні. У гэты час маёнткам валодалі Радзівілы, Абуховічы, Чапскія. У мястэчку было 34 двары, больш за 300 жыхароў, касцёл, капліца, дзве сінагогі, школа, прытулак для бедных, пяць крам.
       У 1897 годзе ў Дзераўной было 125 двароў, дзе жыло 823 жыхары, значылася аптэка, гарбарня, карчма, адзінаццаць крам. У 60-х гадах было заснавана трохкласнае народнае вучылішча. У 1921 годзе пабудавана сямігадовая школа. У час Першай сусветнай вайны за мястэчкам, за ракой Шурай, праходзіла лінія фронту. З 1921 года Дзераўная ўваходзіла ў склад Польшчы. Да 1939 года вёска лічылася вялікім мястэчкам, у якім было 120 двароў ( 500 жыхароў).
     Ёсць ў вёсцы Дзераўная і свая святыня - гэта касцёл Звеставання Панны Марыі. У шматлікіх звестках пра гэты помнік мы знойдзем розныя вызначэнні яго канфесійнай прыналежнасці, розныя імёны фундатараў і даты будаўніцтва. Да сярэдзіны ХХ стагоддзя існавала меркаванне, што гэтая святыня першапачаткова была заснавана ў 1590 годзе Міколам Радзівілам як кальвінскі збор.
      Касцёл уражвае спалучэннем элементаў готыкі з рэнесансавай рацыянальнасцю і строгасцю сілуэта. На фасадзе – трох’ярусная масіўная вежа, два ніжнія ярусы – квадратныя, верхні- васьмярык, накрыты стромым шатром, плоскасці граней расчлянёны нішамі. Храм ярка асветлены, зала і прэсбітэрый злучаны шырокім арачным праёмам. Сёння касцёл Звеставання – помнік архітэктуры рэспубліканскага значэння.
       Усе гэтыя звесткі з году ў год збіралі педагогі дзяржаўнай установы адукацыі “Дзераўнянскія яслі-сад”, бацькі. Аформлены альбом, які называецца “Наша спадчына”. Сабраны цікавы матэрыял пра мінулае і сучаснае вескі. Сюды ўвайшлі: Дом культуры, Дзераўнянскі маладзёжны цэнтр, ДУА “Дзераўнянская сярэдняя школа”, Дзераўнянская школа мастацтваў, фізкультурна-аздараўленчы комплекс “Меліяратар”, участковая бальніца, аптэка, аддзяленне сувязі, помнік тым, хто аддаў жыццё за наш сённяшні дзень. Папаўняецца альбом матэрыяламі аб знакамітых земляках, працаўніках гаспадаркі. У Дзераўнянскай сярэдняй школе вучыліся Антоній Дзям’янка, які вызначаны часова выконваць абавязкі кіраўніка Рымска-каталіцкай царквы Беларусі, а таксама знакаміты бульбавод, Герой Сацыялістычнай Працы Раман Ваньковіч, пісьменнікі Генрых Далідовіч, Казімір Камейша, паэт і кампазітар Рышард Недаводзін, журналіст Віктар Ключнік.
     І шмат цікавага можна яшчэ расказаць пра вёску Дзераўная. Людзі жылі тут не адно стагоддзе. Кожнае пакаленне пакідала пасля сябе пэўны след. З’ўляліся новыя будынкі, адбываліся змены ў гаспадарцы, будаваліся новыя дарогі, збіраліся ўраджаі – адным словам, жыццё кіпела. Але існуе яшчэ той бясцэнны духоўны скарб, што нясе народ у сваім сэрцы, у сваёй душы, перадае з пакалення у пакаленне - гэта традыцыі і звычаі, легенды і паданні.
    Адным з галоўных накірункаў дзейнасці выхавацеляў дзіцячага сада з’яўляецца выхаванне дзяцей на традыцыях старэйшых пакаленняў, далучэнне іх да роднай мовы, культуры. Мы вучым іх шанаваць народныя традыцыі і звычаі, цудоўную і багатую спадчыну. Мне прыемна адзначыць педагогаў нашай дашкольнай установы, якія творча і актыўна праводзяць такую работу. Гэта намеснік па асноўнай дзейнасці Н.Э.Шушкевич, музычны кіраўнік І.С.Пугач, выхавальнікі І.К. Ермак, Т.І. Бурдукевіч, В.С.Чэмка, В.А. Варакса і інш.
    Дзейсным сродкам фарміравання ў дзяцей цікавасці і павагі да нацыянальных традыцый з’яўляюцца народныя святы, абрады, якія заснаваны на мясцовым фальклорным матэрыяле. У нашай дашкольнай установе стала добрай традыцыяй правядзенне народных свят. У зімовы час мы ладзім “Вячоркі ў калядныя святы”, з надыходам вясны - “Гуканне вясны”. Асабліва цікава мы адзначаем Вялікдзень. Гэта вялікае свята, якое святкуе кожная сям’я нашага дзераўнянскага краю. З надыходам лета рыхтуемся да свята “Купалле”. Адзначаем яго не ў дзіцячым садзе, а на востраве нашага маляўнічага возера, якое знаходзіцца побач. У канцы лета цікава праходзіць свята Спасу. Жаданымі ўдзельнікамі ўсіх свят з’яўляюцца бацькі выхаванцаў. Удзел у іх узбагачае дзяцей і бацькоў веданнем народных традыцый, узмацняе сувязь пакаленняў.
      У дашкольнай установе аформлены этнаграфічны куток “Беларуская хатка”. І дзецям, і іх бацькам цікава паслухаць аповеды пра славутае мінулае Дзераўнянскага мястэчка, патрымаць у руках старадаўнія вырабы. Тут праходзяць і выставы дзіцячых работ, і заняткі, і захапляльныя сустрэчы з народнымі майстрамі. Дзеці любяць наведваць “Беларускую хатку”, разглядаць яго цікавыя экспанаты, выступаць у ролі экскурсаводаў.
     Частым госцем у дашкольнай установе з’яўляецца ксёндз Сяргей Лянга. Сустрэчы з ім дапамагаюць дзецям расці добрымі, паслухмянымі, вучаць паважаць старэйшых, дапамагаць слабым. Штогод запрашаем святара на выпускныя ранішнікі.
     Знаёмства дзяцей з месцам, дзе яны жывуць, узбагачае веды, развівае цікаўнасць, садзейнічае выхаванню пачуцця гонару за родны край, за людзей, якія жывуць побач. На прагулках у лес, поле, да рэчкі Шуры, возера выхавальнікі вучаць дзяцей бачыць прыгажосць прыроды, беражліва да яе адносіцца. З мэтай выхавання павагі да людзей працы арганізуем экскурсіі ў бібліятэку, у школу, аддзяленне сувязі, майстэрні, палеткі ААТ “Дзераўная”. Дзеці знаёмяцца з працай жывёлаводаў, механізатараў, хлебаробаў. Дашкольнікі ўсведамляюць, што ўсе працаўнікі спрыяюць ўзбагачэнню і росквіту вёскі.
     У кожнага чалавека свой лёс. Свой лёс і ў нашых выхаванцаў. Пройдзе час - сённяшнія дашкольнікі, я упэўнена, будуць вызначаць заўтрашні дзень роднай вёскі. І нам, педагогам, неабходна выхаваць асобу, якая ўсёй душой будзе хвалявацца за будучыню сваёй малой радзімы.

Дзіўны край! Ён быццам для паэтаў,
Край для слаўных працаю людзей.
Ён вясковай шчырасцю сагрэты,
Мудрасцю й вытокамі надзей.
У наваколлі вёскі Дзераўная
Баравічныя мясціны ў барах.
Бусел важна ў небе пралятае –
Гэты вольны, гэты дзіўны птах.
Тут вітаць гасцей заўсёды рады,
Па-сяброўску шчодра частаваць.
Тут умеюць выслухаць парады
І прыпеўкі весела спяваць

Яўген Карпуць

свернуть

У далёкім 1986 годзе