Метадычная капілка

Фарміраванне звязнага маўлення дашкольнікаў

Праверце, ці добра Вы валодаеце асноўнымі паняццямі і азначэннямі па фарміраванні звязнага маўлення дашкольнікаў. Клікніце па спасылцы і выканайце заданне.
развернуть

Кансультацыя "Праектная дзейнасць як форма экалагічнага выхавання"

Экалагічнае выхаванне – важны кампанент агульнай адукацыі сучаснага чалавека. Дашкольныя ўстановы з'яўляюцца пачатковым элементам сістэмы экалагічнага выхавання. Мэтай экалагічнага выхавання для дашкольнікаў выступае засваенне комплексу практычных і навуковых ведаў аб свеце жывёл і раслін, прыродных з'явах. У дзіцяці фарміруецца адказнае стаўленне да ўнікальнага свету прыроды, устаноўка на зберажэнне прыродных багаццяў. У сучасных умовах, калі сфера выхаваўчага ўздзеяння значна пашыраецца, праблема экалагічнага выхавання дашкольнікаў набывае асаблівую вастрыню і актуальнасць.
развернуть

Стагоддзямі чалавек быў спажыўцом па адносінах да прыроды: жыў і карыстаўся яе пладамі, не задумваючыся аб наступствах. Менавіта ў дашкольным узросце засваенне асноў экалагічных ведаў найбольш прадуктыўнае, паколькі дзіця ўспрымае прыроду вельмі эмацыйна, як нешта жывое. Уплыў прыроды на дзіця велізарны: яна сустракае дзіця мноствам  гукаў і пахаў, таямніцамі і загадкамі, прымушае спыніцца, прыгледзецца, задумацца.

Адным з найбольш эфектыўных метадаў у рабоце з дзецьмі па экалогіі з'яўляецца метад праектаў. Праект дазваляе інтэграваць звесткі з розных галін ведаў для рашэння адной праблемы. Дадзены метад дае магчымасць развіваць індывідуальную і калектыўную дзейнасць дзяцей, пашыраць іх вопыт зносін, дае магчымасць педагогу ажыццяўляць асобасна-арыентаваны падыход да кожнага дзіцяці.

Спецыфіка метаду праектаў, асаблівая педагагічная значнасць метаду праектаў заключаецца ў наступным:

- ён адкрывае магчымасці фарміравання ўласнага жыццёвага вопыту дзіцяці па ўзаемадзеянні з навакольным светам;

- з'яўляецца метадам, які ідзе ад дзіцячых патрэбаў і інтарэсаў, узроставых і індывідуальных асаблівасцяў дзяцей;

- адзін з метадаў, які выводзіць педагагічны працэс са сцен дашкольнай установы ў навакольны свет, прыродную і сацыяльную сферу.

Віды праектаў:

  1. Даследча-пазнавальныя – сумеснае эксперыментаванне і наступнае афармленне вынікаў у выглядзе газет, рукапісных выданняў, дызайнерскіх збудаванняў.
  2. Гульнявыя – выкарыстанне элементаў творчых гульняў з уваходжаннем у вобраз персанажаў і рашэннем пастаўленых праблем.
  3. Інфармацыйна-практыка-арыентаваныя – збор інфармацыі і яе рэалізацыя (афармленне і дызайн групы, распрацоўка гульнявых модуляў, складанне планаў і схем, картатэк і г. д.)
  4. Творчыя – афармленне вынікаў дзейнасці ў выглядзе святаў, тэатралізаваных прадстаўленняў, прэзентацый прадуктаў сумеснай працы.

Па працягласці экалагічныя праекты падзяляюцца на:

* Кароткатэрміновыя – перыяд іх рэалізацыі можа доўжыцца ад трох дзён да тыдня.

* Сярэдняй працягласці – разлічаныя на тэрмін ад аднаго месяца да трох.

* Доўгатэрміновыя –  па працягласці да  года.

Больш працяглыя праекты для дашкольнікаў планаваць немэтазгодна. З выхаванцамі малодшых груп можна рэалізаваць толькі кароткатэрміновыя праекты, якія вырашаюць задачу, даступную для іх разумення. Але найбольш эфектыўна працуюць праектныя даследаванні, якія праводзяцца з выхаванцамі старэйшых груп.

Асноўныя патрабаванні да выкарыстання метаду праектаў:

  1. У аснове любога праекта ляжыць праблема, для вырашэння якой патрабуецца даследчы пошук.
  2. Праект – гэта сур'ёзная гульня, вынікі якой значныя для дзяцей і дарослых.
  3. Абавязковыя складнікі праекта – дзіцячая самастойнасць (пры падтрымцы педагога, сатворчасць дзяцей і дарослых, развіццё камунікатыўных здольнасцяў дзяцей, пазнавальных і творчых навыкаў, прымяненне атрыманых ведаў на практыцы.

У рабоце з дашкольнікамі вылучаюць 4 этапы работы па праекце:

  1. Падрыхтоўчы – выхавальнік фармуліруе праблему і мэту праекта, ставіць задачы, вызначаецца прадукт праекта. Уводзіць дзяцей у гульнявую ці сюжэтную сітуацыю.
  2. Практычны. На гэтым этапе педагог дапамагае дзецям граматна планаваць дзейнасць, па неабходнасці аказвае практычную дапамогу, а таксама накіроўвае і кантралюе ажыццяўленне праекта.
  3. Ацэначна-рэфлексіўны. У дзяцей адбываецца фарміраванне разнастайных ведаў, уменняў і навыкаў.

Педагог абагульняе вынікі працы, аналізуе дзейнасць, фармуліруе вывады.

  1. Прэзентацыйны – прэзентацыя дзецьмі прадуктаў праекта бацькам, прэзентацыя вопыту работы выхавальнікам.

У ходзе работы над праектам таксама важна памятаць аб правілах паспяховасці праектнай дзейнасці:

* у камандзе няма лідэраў;

* усе члены каманды роўныя;

* усе члены каманды павінны атрымліваць задавальненне ад зносін адзін з адным і ад таго, што яны разам выконваюць праектнае заданне;

* кожны павінен атрымліваць задавальненне ад пачуцця ўпэўненасці ў сабе;

* усе павінны праяўляць актыўнасць і ўносіць свой уклад у агульную справу;

* не павінна быць так званых “спячых партнёраў”;

* адказнасць за канчатковы вынік нясуць усе члены каманды, якія выконваюць праектнае заданне.

Якія экалагічныя праекты можна рэалізаваць у дзіцячым садзе?

Тэматыка праектаў разнастайная: ад вывучэння яркіх прадстаўнікоў флоры і фауны да самастойнага вырошчвання раслін і планамернага назірання за іх ростам. Аснова поспеху ажыццяўлення ўсіх праектаў – добрая падрыхтоўка педагогаў, узаемадзеянне ўсіх спецыялістаў.

 

ПАРАДЫ ВЫХАВАЛЬНІКУ ПА РАБОЦЕ НАД ПРАЕКТАМ

  1. Глыбока вывучыць тэматыку праекта.
  2. Пры складанні сумеснага плана работы з дзецьмі над праектам падтрымліваць дзіцячую ініцыятыву.
  3. Зацікавіць кожнае дзіця тэматыкай праекта, падтрымліваць іх дапытлівасць і ўстойлівую цікавасць да праблемы.
  4. Ствараць гульнявую матывацыю, абапіраючыся на інтарэсы дзяцей і іх эмацыянальны водгук.
  5. Уводзіць дзяцей у праблемную сітуацыю, даступную для іх разумення і з апорай на дзіцячы асабісты вопыт.
  6. Тактоўна разглядаць усе прапанаваныя дзецьмі варыянты рашэння праблемы: дзіця павінна мець права на памылку і не баяцца выказвацца.
  7. Выконваць прынцып паслядоўнасці і рэгулярнасці ў рабоце над праектам.
  8. Падчас работы над праектам ствараць атмасферу сатворчасці з дзіцем, выкарыстоўваючы індывідуальны падыход.
  9. Развіваць творчае ўяўленне і фантазію дзяцей.
  10. Творча падыходзіць да рэалізацыі праекта; арыентаваць дзяцей на выкарыстанне назапашаных назіранняў, ведаў, уражанняў.
  11. Далучаць бацькоў у сумесную працу над праектам, ствараючы радасную атмасферу сумеснай з дзіцем творчасці.

12. Заключны этап праекта патрэбна старанна рыхтаваць і праводзіць у выглядзе прэзентацыі, тэатралізаванага паказу і г. д.

 

Выкарыстаная літаратура:

Веракса Н. Е., Веракса А. Н. Проектная деятельность дошкольников. Пособие для педагогов дошкольных учреждений. М.: Мозаика-Синтез, 2014. 112 с.

Дадатак

Віды экалагічных праектаў:

Экалагічная акцыя

Акцыя – гэта сацыяльна значнае, комплекснае, падзейнае мерапрыемства,  працяглае ў часе.

У ходзе акцый дашкольнікі атрымліваюць прыродазнаўчыя веды, фарміруюць навыкі экалагічнай культуры, актыўную жыццёвую пазіцыю. Акцыі служаць добрай экалагічнай прапагандай сярод бацькоўскай грамадскасці. Дзеці бачаць стаўленне бацькоў, арганізацыю мерапрыемства і самі ў ёй удзельнічаюць.

Акцыя праходзіць пад сваім дэвізам, мае наглядную агітацыю (лістоўкі, плакаты, памяткі). У змест акцый уваходзяць святы, забавы, віктарыны, выставы, конкурсы, прысвечаныя аб'ектам акцыі.

Мэта правядзення экалагічных акцый: фарміраванне экалагічнай культуры, свядомасці і светапогляду.

Задачы: фарміраваць пазнавальны інтарэс, камунікатыўныя здольнасці, гуманістычнае стаўленне, эстэтычную спагадлівасць, прывіццё працоўных навыкаў.

Алгарытм правядзення акцый:

* мэта (кожная акцыя мае сваю мэту);

* задачы (выконваюцца агульныя і канкрэтныя);

* аб'ект (на што накіравана – птушкі, дрэвы);

* удзельнікі (дзеці + бацькі, супрацоўнікі + дзеці + бацькі);

этапы:

  1. Падрыхтоўчы (распрацоўка плана па дасягненню мэты, збор інфармацыі, аб'ём і назапашванне матэрыялу, каштарыс выдаткаў);
  2. Арганізацыйна-практычны (г. зн. дзейнасны, выкананне плана дзейнасці);
  3. Аналітычны (падвядзенне вынікаў, рэфлексія. Можа праходзіць у форме ўзнагароджання, выраб фотаальбома, відэафільма, выраб кніжак-самаробак, правядзенне выстаў і г.д.).

Тэматыка экалагічных акцый можа быць разнастайнай: “Як клапаціцца аб пакаёвых раслінах?”,  “Што трэба рабіць, каб не палохаць жывёл?”, “Пераўтвары смецце ў прыгажосць “, “Пакармі птушак зімой!”, “Беражыце ваду!”, “Упрыгожым Міншчыну кветкамі”.

Экалагічны марафон

Мэта: фарміраванне асноў экалагічнай культуры ўсіх удзельнікаў педагагічнага працэсу (дзяцей, бацькоў, педагогаў).

Задачы:

  1. Даследаванне магчымасці павышэння ўзроўню экалагічнай культуры педагогаў, бацькоў, дзяцей;
  2. Фарміраванне матывацыйнай гатоўнасці да апрабацыі новых формаў, відаў і зместу дзейнасці;
  3. Выкарыстанне дадатковых магчымасцяў інтэграцыі спецыялістаў, выхавальнікаў, дзяцей, бацькоў у рабоце па фарміраванні экалагічнай культуры;
  4. Дыягностыка ўзроўню ведаў, уменняў, адносін ўсіх суб'ектаў адукацыі;
  5. Забеспячэнне бесперапыннасці экалагічнай адукацыі ў сістэме дашкольная ўстанова-школа (пачатковае звяно).

Змест праекта аб'ядноўваецца трыма напрамкамі: біяэкалагічнай, сацыяльнай і прыкладной экалогіяй, што забяспечвае інтэлектуальнае, эмацыйнае і дзейснае развіццё дашкольнікаў.

Экалагічны марафон уключае ў сябе:

-Падарожжа па экалагічнаму музею

Мэта: пазнаёміць дзяцей з прыроднымі з'явамі, раслінамі і жывёламі, недаступнымі для назірання ў навакольным прыродным асяроддзі.

-Экалагічная сцежка

Мэта: сфарміраваць ўяўленні аб навакольных прыродных з'явах, экалагічнай абстаноўцы, рэльефе мясцовасці, наяўнасці жывёл і раслін.

-Экалагічны трэнінг

Мэта: сфарміраваць уменні экалагічна граматнай дзейнасці ў прыродзе, спрыяць развіццю матывацыі экалагічных паводзінаў.

Экалагічны трэнінг – форма ўзаемаадносін людзей і прыроды шляхам ролевай гульні і аналізу з пазіцыі экалагічных нормаў (“дапаможам рэчцы”, “абнаўляем лес, паляну”).

-Тэатр жывёл

Мэта: замацаваць веды  асаблівасцяў паводзінаў жывёл, спрыяць развіццю творчага ўяўлення.

Тэатральныя пастаноўкі па народных казках і асобных сцэнарыях з удзелам разнастайных цацак і масак жывёл, пераўвасабленне, спрыяюць развіццю ўяўлення і лепшага ўспрымання свету жывёл.

  • Экалагічныя дыспуты

Мэта: замацаваць правілы паводзін у прыродзе.

Сітуацыі для абмеркавання:

- Дзеці сарвалі вялікі букет кветак і падарылі выхавальнікам. Выхавальнікі зусім не ўзрадаваліся падарунку, а засмуціліся. Чаму?

- Дзеці прынеслі ў экалагічны цэнтр маленькага бездапаможнага матылька. Што ты скажаш ім?

- Па адной ягадцы збіраць у лесе доўга. Прасцей наламаць галінак з ягадамі. Ці можна так рабіць?

-  Гадзіна экалагічнага чытання

Мэта: сфарміраваць у дзяцей цікавасць да кніг экалагічнага зместу, навучыць прымяняць атрыманыя веды ў розных відах дзіцячай дзейнасці.

Стварэнне “бібліятэкі экалагічных кніг”.

  • Экалагічны буквар

Мэта: абудзіць цікавасць да слова, якое пазначае аб'екты жывой і нежывой прыроды.

Змест Буквара: загадкі, крыжаванкі, гульні са словамі, гукамі, лагічныя задачы.

  • Выставы вырабаў з прыроднага матэрыялу.

Мэта: сфарміраваць навыкі даследчай дзейнасці, навучыць бачыць незвычайнае ў звыклым, эмацыйна рэагаваць на ўбачанае.

Экалагічная ініцыятыва – варыянт экалагічнага праекта, уключае ў сябе віды экалагічнай дзейнасці, ініцыіраванай самімі дзецьмі.

Мэта ініцыятывы – развіццё самастойнасці і свядомасці дзяцей у вырашэнні экалагічных праблем.

Задача педагога – стварыць сітуацыю, якая стымулюе дзяцей да актыўнай экалагічнай дзейнасці з дапамогай арганізацыі мэтавых прагулак.

Экалагічная пошта – форма арганізацыі розных відаў экалагічнай дзейнасці дзяцей, абумоўленая перапіскай з уяўным персанажам. Развіццё творчага патэнцыялу асобы адбываецца ў творчай дзейнасці, абавязковая ўмова якой –  атрыманне дзіцем задавальнення ад гэтай дзейнасці ў ярка выяўленых станоўчых эмоцыях. Толькі пры захаванні гэтай умовы развіваецца творчы і пазнавальны патэнцыял дзіцяці. Магчымасці эмацыянальных перажыванняў мы дасягаем, ствараючы праблемныя гульнявыя сітуацыі ў экалагічнай праектнай дзейнасці. Педагог наўмысна стварае на праекце-занятку праблемную гульнявую сітуацыю. Менавіта гэтая наўмыснасць падахвочвае дзяцей да пошукавай, пазнавальнай актыўнасці. А ці ўзнікае праблемная сітуацыя, ці “прыняло” яе дзіця, можна меркаваць па іх эмоцыях.

Экалагічная экспедыцыя – завяршае вывучэнне буйной тэмы або раздзелу праграмы і замацоўвае атрыманыя веды практычным шляхам. Арганізацыя і правядзенне экспедыцыі ўключае тры этапы:

  1. Падрыхтоўчы. Складаецца праграма экспедыцыі, распрацоўваецца маршрут, размяркоўваюцца абавязкі паміж дзецьмі, бацькамі, выхавальнікам, ажыццяўляецца падбор абсталявання, здзяйсняюцца трэніровачныя выхады.
  2. Асноўны. Правядзенне экспедыцыі, выкананне запланаванай даследчай работы, збор матэрыялу, падцвярджэнне тэарэтычных ведаў практычнымі фактамі.
  3. Заключны. Апрацоўка атрыманых эксперыментальных дадзеных, класіфікацыя сабраных матэрыялаў, фармуліраванне вывадаў па выніках практычнай дзейнасці. Завяршаецца запаўненнем альбома-дзённіка экспедыцыі, падрыхтоўкай стэнда з малюнкамі, выстава сабраных матэрыялаў.

Немалое значэнне ў выхаванні дзяцей мае прыклад дарослых, бацькоў, выхавальнікаў. Часта, вырастаючы, дзеці паводзяць сябе і паступаюць таксама, як калісьці рабілі іх бацькі. Калі бацькі будуць займацца пытаннямі экалагічнага выхавання, то і ў дзяцей будзе выхоўвацца цікавасць, любоў да прыроды і беражлівыя адносіны да яе. Таму экалагічнае выхаванне дзяцей павінна праходзіць у цесным узаемадзеянні з сям'ёй дзіцяці.

 

 

Формы работы з бацькамі па экалагічнаму выхаванню:

- Анкетаванне, правядзенне апытанняў з мэтай выяўлення іх экалагічнай кампетэнтнасці.

- Гутаркі за круглым сталом, бацькоўскія сходы ў нетрадыцыйнай форме (дзелавыя гульні, бюро педагагічных паслуг, прамы тэлефон, кансультацыі і паведамленні экалагічнай накіраванасці для бацькоўскага кутка).

- Каляндар цікавых дат – сумесны вольны час, святы, КВЗ, віктарыны.

- Хатняе заданне – удзел у выставах, аглядах-конкурсах, педагагічныя шырмы, паштовая скрыня і г. д.

- Прыцягненне бацькоў да сумеснай з дзецьмі працоўнай дзейнасці на ўчастку і ў кутку прыроды.

- Выкарыстанне навукова-папулярнай метадычнай літаратуры па праблемах экалагічнага выхавання.

- Выпуск газет, фотагазет, экалагічных альбомаў, плакатаў, інфармацыйных папак.

Дзейнасць педагогаў па далучэнні сем'яў да экалагічнага выхавання дзяцей дасць магчымасць фарміраваць у дашкольнікаў адказнае стаўленне да навакольнага асяроддзя, дасягнуць больш высокага ўзроўню іх выхаванасці.

 

свернуть

Слоўныя прыёмы развіцця маўлення дашкольнікаў

Метад развіцця маўлення - гэта спосаб узаемадзеяння педагога і дзяцей, якое забяспечвае фарміраванне ў апошніх маўленчых уменняў і навыкаў. Існуе вялікая колькасць слоўных прыёмаў. Прапануем Вам іх успомніць і суаднесці з адпаведнымі азначэннямі.
Семінар-практыкум "Нарматыўнае прававое і навукова-метадычнае забеспячэнне адукацыйнага працэса ў 2023/2024 навучальным годзе"
Семинар-практикум "Организация деятельности с воспитанниками в летний период" для воспитателей дошкольного образования