Чытаем і расказваем дзецям

Зачем читать детям сказки? Консультация для родителей

Мастацкая літаратура для дашкольнікаў

Дзіцячыя літаратура і фальклор займаюць пачэснае месца ў агульнай сістэме духоўнага і мастацкага выхавання дашкольнікаў. Літаратурныя творы для дзяцей пашыраюць кругагляд дзіцяці, адкрываюць яму навакольны свет, дапамагаюць знайсці сваё месца ў гэтым свеце.
развернуть

К.І.Чукоўскі сцвярджаў, што маленькія дзеці з вялікім задавальненнем імкнуцца да рытмічных словазлучэнняў, мілагучных вершаў, апавядальных казак, бадзёрага скандзіравання лічылак і заклічак.

КАЛЫХАНКІ

***

Люлi-люлi, люляшу,

Я дзiцятка калышу,

Нiтачку звiваю,

Песеньку спяваю.

Што выведу нiтку —

Камару на свiтку,

Астануцца кончыкi

Камару на штончыкi.

***

Баю, баiньку, баю,

Не лажыся на краю.

Не лажыся на краёк,

Прыйдзе шэранькi ваўчок.

Прыйдзе шэранькi ваўчок,

Цябе схопiць за бачок.

***

Апсiк, апсiк, каточак.

Не хадзi ты ў садочак,

І не тапчы кветачак,

І не будзi дзетачак.

Няхай кветачкі цвiтуць,

Няхай дзетачкi заснуць.

Люлi, люлi, дзеткi, спаць,

А я буду калыхаць.

А-а, а-а, а!

 

ВЕРШЫ

***

Па сцяжынцы, цераз поле,

У лясок зайшоў Алесь.

Бачыць — мяч.

— Эх, падфутболю!

 А той мяч... у куст пабег.

***

Я дарожку даганяю,

А дарожка ўцякае.

Пабягу хутчэй за мосцік

І злаўлю яе за хвосцік.

***

Гэй, Дзяніска!

Гэй, Рыгорка!

Клічуць санкі,

Кліча горка.

***

Скрып, скрып,

Скрып, скрып,

Снег ад холаду ахрып.

У яго, напэўна, грып.

***

 Верабейка ўвесь дрыжыць:

– Як тут жыць? Як пражыць?

Наблiжаецца зiма,

Цёплай вопраткi няма.

Чык-чырык! Чык-чырык!

Я ад холаду адвык.

***

Яблык — румяны,

Чысты, крамяны:

У расе купаўся,

Сонцам выцiраўся.

***

Толькi раз у год дарункi

Дзед Мароз прыносiць нам,

Бабка ж кожны дзень ласункi

Сыпле шустрым галубам.

***

Я зусім яшчэ малая,

Але ўсім дапамагаю:

Тату чай падсаладзіць,

Маме – міскі перамыць,

І заўсёды брату Сашу

Памагаю есці кашу.

***

Званок у лузе коціцца,

Схапіць званочак хочацца.

То не званочак,

То не званочак,

Трапеча сіні матылёчак.

***

Паiмчаўся ручаёк

Мiма горкi у лясок.

Ручаёк, не бяжы,

Свае ножкi пакажы.

***

Што за стукат i грукат

У бары-гушчары?

То газета друкуецца

На сасновай кары.

***

У вавёркі Веры —

Рамонт кватэры:

Змяніла шпалеры,

Вокны і дзверы.

***

Сёння у аленя

Дзень нараджэння.

На iмянiнах –

Статак ласіны.

***

Браканьер на паляванне

Выйшаў з стрэльбай на паляну,

А зайцы напалi,

Стрэльбу адабралі.

***

На трыбуне верабей

Слова мае да гасцей:

 – Чык-чырык, свет вялік.

Ў добрай згодзе мы жывём,

У лагодзе гнёзды ўём.

***

Ў шчупака метровы рост,

Дзве лапаты — гэта хвост,

Зубы ў пашчы — дзве пілы.

Ён на плотак вельмi злы.

***

Я ведаю, сонца ў сусвеце

Не зможа нiхто патушыць,

Пакуль на зямной планеце

Дзеці будуць дружыць!

***

Раз зайшлi ў дзiцячы сад

Восем жоўтых куранят,

Прывяла iх з вулачкi

Шэранькая курачка.

Трапiла ты, курачка,

Не на тую вулачку:

Тут дзiцячы сад –

 Не для куранят.

***

Куды ідзеш, казёл?

На кiрмаш пайду.

Чаго на кірмаш?

Касу купляць.

Нашто табе каса?

Сена касiць.

Нашто табе сена?

Кароў кармiць.

Нашто табе каровы?

Малако даiць.

Нашто тое малако?

Пастушкоў паiць.

Нашто тыя пастушкi?

Свiнак пасвiць.

Нашто тыя свiнкi?

Горы капаць.

А што ў тых гарах?

Дубовая бочка.

А што ў той бочцы?

Жалезная ступа.

А што ў той ступе?

Медзяная мiса.

А што ў той мiсе?

Залатая лыжка.

А што ў той лыжцы?

Макавае зерне.

А дзе тое зерне?

Пеўнiк скляваў.

А дзе той пеўнiк?

За мора паляцеў.

А дзе тое мора?

Кветкамi зарасло.

А дзе тыя кветкi?

У вянкi сплялi.

А дзе тыя вянкі?

З вадою сплылi.

свернуть